ДАПАМОЖАМ МІКІЦЕ САІДАВУ АПЛАЦІЦЬ АДВАКАТА

ДАПАМОЖАМ МІКІЦЕ САІДАВУ АПЛАЦІЦЬ АДВАКАТА

Сябры, сёння мы звяртаемся да вас з просьбай дапамагчы маладому беларусу, былому палітвязню Мікіту Саідаву, які апынуўся ў надзвычай складанай сітуацыі ў Літве.

Мікіце ўсяго 23 гады. У 19-гадовым узросце ён трапіў за краты ў Беларусі за ўдзел у пратэстах. Пасля вызвалення і пераезду ў Літву яму дапамагала наша арганізацыя Dapamoga.

На жаль, цяпер Мікіта зноў сутыкнуўся з крымінальным пераследам.

Што адбылося?

Нядаўна ў сацыяльных сетках з’явіліся кадры, знятыя каля віленскага офіса кампаніі RSI Europe, якая займаецца вытворчасцю беспілотных сістэм, у тым ліку для Украіны.

Каля будынка былі пакінутыя жалобныя вянкі і фотаздымак кіраўніка кампаніі Томаса Мілашаўскаса з чорнай жалобнай стужкай.

У сувязі з гэтым інцыдэнтам быў затрыманы Мікіта Саідаў.

Паводле інфармацыі, якой мы валодаем, Мікіта атрымаў прапанову за грошы аднесці жалобны вянок да офіса кампаніі. Мы мяркуем, што праз сваю недасведчанасць і даверлівасць ён не ўсведамляў усёй сур’ёзнасці таго, у што аказаўся ўцягнуты.

Аднак наступствы гэтага ўчынку сталі вельмі сур’ёзнымі.

Пасля затрымання Мікіта быў змешчаны пад варту. Паводле наяўнай у нас інфармацыі, яму прад’яўлена абвінавачанне у аказанні дапамогі іншай дзяржаве або яе арганізацыі ў дзейнасці супраць Літоўскай Рэспублікі.

На шчасце, цяпер Мікіта вызвалены з-пад варты да суда. Але крымінальная справа працягваецца, і наперадзе яго чакае складаны судовы працэс.

Мы не хочам апраўдваць учынак Мікіты.

Мы разумеем, што падобныя дзеянні, асабліва ў дачыненні да кампаніі, якая працуе на патрэбы Украіны, не могуць успрымацца як бяскрыўдны жарт.

Але мы таксама лічым, што пры разглядзе гэтай справы неабходна ўлічваць не толькі сам учынак, але і намеры чалавека, абставіны, пры якіх ён дзейнічаў, і ступень усведамлення ім магчымых наступстваў.

Мікіта — малады чалавек, які ўжо прайшоў праз палітычнае зняволенне ў Беларусі, а пасля быў вымушаны пачынаць жыццё нанова ў чужой краіне.

На нашу думку, яго даверлівасцю і недасведчанасцю маглі скарыстацца іншыя людзі.

Мы лічым, што абставіны гэтай справы патрабуюць уважлівага і справядлівага разгляду.

І менавіта таму сёння мы просім вашай дапамогі.

Dapamoga адкрывае збор на аплату адваката для Мікіты Саідава.

Усе сабраныя сродкі будуць накіраваныя на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу, каб Мікіта мог абараніць свае правы і атрымаць справядлівы разгляд сваёй справы.

Мы верым, што тое, што адбылося, ужо стала для яго цяжкім жыццёвым урокам. Цяпер асабліва важна, каб ён не застаўся сам-насам са сваёй бядой.