Адзін беларус замежжа — адзін еўра для Украіны
Аўтар: Валанцёрскі цэнтр “Сустрэча”Праверана

Беларуска-ўкраінскі валанцёрскі цэнтр «Сустрэча» запускае агульны збор дапамогі для Украіны.
Давайце пакажам, колькі нас — беларусаў, якім не ўсё роўна і якія хочуць дапамагчы Украіне.
Ідэя вельмі простая: адзін беларус замежжа — адзін еўра.
Не дзесяць, не сто, не тысяча. Проста адзін.
А калі вы хочаце, можаце дадаць яшчэ па адным еўра за кожнага члена сваёй сям’і, роднага ці блізкага чалавека, які жыве ў Беларусі, падтрымлівае Украіну, але сёння не можа далучыцца да гэтага збору сам.
Адзін еўра — адзін чалавек.
Адна маленькая магчымасць сказаць:
«Я ёсць. Я не стаю ўбаку. Мне не ўсё роўна. Я з Украінай».
Бо гэты збор не толькі пра грошы. Ён пра людзей.
Мы раз’ехаліся па розных краінах і гарадах. У кожнага сваё жыццё, праца, сям’я, свае праблемы. Мы розныя. Але ёсць тое, што мы можам зрабіць разам.
Давайце не словамі, а справай пакажам, колькі нас.
10 000 € — значыць, нас 10 000.
100 000 € — значыць, нас 100 000.
І калі частка гэтых еўра будзе пералічана за тых, хто сёння застаецца ў Беларусі, — яны таксама стануць часткай нашага агульнага голасу.
Магчыма, нам проста трэба сабрацца.
Па адным еўра.
І самім убачыць, колькі нас.
Сабраныя сродкі пойдуць на дапамогу вайсковым і цывільным ва Украіне. Пасля завяршэння збору будзе апублікаваная поўная справаздача аб выкарыстанні сродкаў.
У мэтах бяспекі ахвяраванні прымаюцца толькі з картак беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой.
Нас шмат. Давайце пакажам, колькі!
Адзін беларус — адзін еўра для Украіны!